ЧАРЦЁЖНА-КАНСТРУ́КТАРСКАЯ ТЭ́ХНІКА,
пабор інструментаў, прылад і прыстасаванняў для выканання чарцяжоў, планаў, карт, схем. Асн. сродкі: чарцёжныя дошкі, станкі, прылады каардынатнай і пантографнай сістэмы, інструменты і дапаможныя прыстасаванні.
Чарцёжныя дошкі служаць для размяшчэння і замацавання чарцяжоў. Робяцца з драўняных матэрыялаў, пластмас, шкла; празрыстымі і з падсвечваннем, з маштабнымі сеткамі. Партатыўныя дошкі 350 × 500 мм, канструктарскія 1000 × 1350 мм. Чарцёжныя станкі забяспечваюць замацаванне і зручнае для работы становішча чарцёжных дошак пад любым вуглом, іх ураўнаважванне, апусканне, падыманне і паварочванне спец. прыстасаваннямі. Бываюць мала- і буйнагабарытныя, адна- і двухстоечныя, з падсвечваннем і без яго. Чарцёжныя прылады каардынатнага тыпу (кульманы) — прэцызійныя прыстасаванні з вугламернай галоўкай, лінейкамі і інш. для правядзення прамых ліній зададзенай даўжыні пад любым вуглом; пантографнага тыпу — сістэмы змацаваных паралелаграмаў з дзялільнай (вугламернай) галоўкай і ўзаемна перпендыкулярнымі маштабнымі лінейкамі для перачэрчвання чарцяжоў у змененым (звычайна больш дробным) маштабе (гл. Пантограф). Чарцёжны інструмент — цыркулі, лінейкі (у т. л. маштабныя, рэйсшыны, лякалы), курвіметры, транспарціры, чарцёжныя трафарэты, рэйсфедэры, вугольнікі і інш., з дапамогай якіх алоўкам або тушшу выконваюць чарцяжы. Набор асн. інструментаў у спец. футарале складае гатавальню. Выкарыстоўваюцца таксама пішучыя машынкі (для ўдрукоўвання ў чарцяжы стандартных абазначэнняў, літар, лічбаў), графапабудавальнікі і прынтэры (для аўтам. вычэрчвання і друкавання графічных відарысаў), дысплеі (для візуальнага адлюстравання графічнай і інш. інфармацыі). Пашыраецца выкарыстанне персанальных ЭВМ, для ўводу ў якія графічнай інфармацыі ўжываюць сканеры і дыгітайзеры.
У.М.Сацута.
т. 17, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)